«zIGZAG»: калісьці мы гралі цішэй

«zIGZAG» – «Тры расейскія літары», Мн., 2008, «Каўчэг».
Хоць лідэр гурта «zIGZAG» Ігар Загумёнаў заўсёды падкрэсьлівае, што ягоная другая кружэлка «Тры расейскія літары» не зьяўляецца альбомам, цяжка залучыць яе й да сінґлаў, бо напоўнена яна музычным матэрыялам пад завязку: паўнафарматная ажно на 50 хвілінаў праґрама аудыётрэкаў, 28 хвілінаў відэаматэрыялаў, дзе ёсць і вартасныя кліпы, і рабочыя канцэртовыя здымкі. Акрамя таго хапіла на дыску месца й для калекцыі фотак гурта, і для тэкставага файла маштабнай гісторыі калектыва. Не хапае толькі выразнай канцэпцыі, але факт: гэты рэліз сьмела можна было б назваць «zIGZAG» – «Greatest Hits», бо насамрэч сабрана тут усё лепшае, хоць на папярэдні альбом «Bionic@» ніяк не падобнае.
Пачнём з песьняў. Калі вы й знойдзеце тут знаёмыя па дэбютніку назвы, дык толькі здзівіцеся. Напрыклад, антываенны зонґ «Mine Free World» трапіў сюды зь ґітарай самога Піта Паўлава, музыкі «N.R.M.». Варта нагадаць, што яшчэ летам 2005 года ў Сэрбіі адбылася прэм'ера кліпа на тую песьню, якую «zIGZAG» выконваў на канцэртах у Кэніі ды Шкатляндыі. Кліп, які створаны ў супрацоўніцтве з Нобэлеўскім лаўрэатам прэміі міра – «Міжнароднай кампаніяй па забароне супрацьпяхотных мінаў» – ды рэкамэндованы для паказу па нацыянальных тэлеканалах розных краін, ёсць і на CD.
«Песьня хвалі», «Пабудзі мяне» й «Палымянае неба» ўпершыню апублікаваны ў анґламоўных вэрсыях, што таксама адзнака часу: адмысловая прыпіска «FM-remix» засьведчыла абсурднасць самой сітуацыі ў краіне Беларусь, калі песьня прымаецца ў ратацыю мясцовымі радыёстанцыямі толькі… на якой-небудзь чужой мове. Дзякаваць Богу, па-анґельску Ігар Загумёнаў перасьпяваў беларускія песьні без праблемаў, бо пэўны час вучыўся ў Ню-Ёрку, дык рыфмуе па-іхняму лёгка. Ягоныя анґламоўныя трэкі частыя госьці ня толькі на радыё, але й на тэлеканалах сталічнага мэтро ў сталай ратацыі. Апошняя з названых песень мае на дыску яшчэ адну незвычайную вэрсыю – акустычную. А першая ёсць і сярод кліпаў, зробленых у рамках праекту «Belarus-MTV-Hit».
Кліпаў тут увогуле багата – ажно сем. Нарэшце асабіста я дачакаўся відэапрэзэнтацыі ў масавым тыражы беспадобнага відэа «Гара», якое меркавалася паставіць яшчэ ў першы альбом. Ня ўлезла. І вось яно тут, з арыґінальнымі кадрамі кіназдымкаў у маляўнічых прадмесьцях Менска й… Сараева. Пераканаўча выглядае й канцэртовы запіс зігзагаўскага сэта ў маштабнай акцыі перапоўненага клюба «Рэактар» падчас прэзэнтацыі трыб’ют-альбома «Варта Вежы багоў». Дарэчы, абедзьве песьні гурта «zIGZAG» у гэтым прысьвячэньні гомельскаму «Gods Tower» трапілі ў студыйную аудыёпраґраму выданьня («Стрэлы Сонца» і «Mysterious»).
Кружэлка прэзэнтуе практычна ўвесь спэктр зігзагаўскіх супольных актываў: тут і песьні з альбома-прысьвячэньня С.М.Новіку-Пяюну («Пурга», «Дзіўны май»), і твор з музычнага ўшанаваньня паэткі Ларысы Ґеніюш («Нейк сумна»), які перамог таксама ў інтэрнэт-плебісцыце «Тузін гітоў» ды выйшаў яшчэ й на альбоме «Прэм’ер-тузін 2006». Шкада, не пасьпеў сюды «Ты мой родны край» з трыб’юта да 105-годзьдзя Натальлі Аосеньневай «З крывіцкай сям’і» (2009). Але ёсць згаданая вышэй «Song Of The Wave», што ўвесну 2006-га ўваходзіла ў зборнік «Першы Інтэрнацыянал», выдадзены фірмай «Vigma» дзеля раскруткі зорак беларускай поп-сцэны набліжаных паводле стылістыкі да заходняй поп-музыкі, якія й сьпяваюць на замежных мовах
Дастаткова на дыску й цалкам арыґінальнага матэрыялу. Напрыклад, загалоўная песьня, зь якой зьвязаны скандал, перажыты гуртом «zIGZAG» на фэстывалі «БАСовішча». Музыкаў дыскваліфікавалі за ўжываньне нецэнзурнай лаянкі, хоць песьня, як і кліп паводле яе, акурат і прысьвечаны пытаньням антыґлябалізму, барацьбы за чысьціню моўнага асяродзьдзя, барацьбы з мацюкамі, блатной культурай і так званай «адвёрткай».
З ды-джэем Фрыксам і саксафаністам Паўлам Аракелянам Ігар Загумёнаў зрабіў і кавэр знакамітага брытанскага гурта «Guns’n’roses» («Don’t Cry»), хоць чамусьці ў адзінай гэтай працы аддаў перавагу расейскай мове пры перакладзе.
Фірменная танцавалачка атрымалася ў Ігара з Валікам Грышко («Make a Move»), якую яны запісалі ў Швэдыі з дапамогай ґітарыста, клявішніка й кампазытара Ёгана Фалькенбэрґа. Песьню й напісаў для іх Ёган разам з паэтам Крысам Тосавайнэнам.
Дарэчы, з запрошаных музыкаў у запісе гэтага CD прымалі ўдзел і нашы славутасьці (ґітарыст Сяргей Антышын, віялянчэліст Сяргей Шапачка), і замежныя (фінскі вакаліст Элін Тосавайнэн і швэды – ґітарыст Маркус Ёнсан, бубнар Б’ёрн Голіз ды іншыя). Вось такі багаты «неальбом» атрымаўся сёлета ў гурта «zIGZAG». І хоць тлумачэньні Ігара Загумёнава сваіх стылістычных блуканьняў нагадваюць мне толькі парадаксальную заўвагу вакаліста найбольш скандальнай каманды 70-х «Slade» Ноды Голдэра, быццам даўней яны гралі цішэй (а толькі цяпер разьюшыліся), я ўсё ж дзіўлюся новаму Загумёнаўскаму хаўрусу з мэталерамі ды панкамі. Дык вось куды ўвесь час цягнула нэа-рамантыка Ігара!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

