«Жорсткія рамансы» забранага краю

«Вясковая лірыка» (рамансы, дрындушкі), Мн., 2009, «ArsVik»/«НМК».
Усялякі вытвор масавай культуры толькі тады прэтэндуе на посьпех, калі мае пэўныя зваблівыя заманухі – зорныя пэрсаналіі выканаўцаў, прэстыжныя імёны аўтараў ці хоць нейкія жанравыя надзвычайнасьці. Калі выдаўцы даслалі мне на рэцэнзыю першы фірменны CD, датаваны 2009-м годам, – «Вясковая лірыка», я зьдзівіўся не на жарт, спасьцярогшы поўную адсутнасць усіх названых рэквізытаў: «Чым жа слухача заманьваць будзеце?». Мімаволі падумалася: «А мо й няма да чаго заманьваць?» І ўсё ж пэўную інтрыґу прынёс сьціпленькі падзагаловачак на тыльнай бачыне вокладкі: «Рамансы, дрындушкі». Ведаючы, што мэнэджэр Арына Вележ дрындушкамі называе частушкі, я міжволі засяродзіўся на першым азначэньні, чакаючы вартасны працяг несьмяротных рамансавых традыцыяў Міхася Забэйды-Суміцкага, Пётры Конюха, Сяргея Шулькі, сучаснай зоркі беларускіх рамансаў Тацьцяны Матафонавай. Но не тут то было,.. бо ў беларускім праекце Арыны Вележ не знайшлося мейсца ні беларускім традыцыям, ні мове беларускай. Адзіным аналяґам такой творчасьці ў нас быў бы хіба «Народны альбом», каб «Вясковую лірыку» не пазбавілі галоўнай ягонай прывабы – парадыйнага настрою. Найбольш адэкватным гандлёвым брэндам такога вытвору стане падзагаловак «Каляніяльны совпролеткульт».
Перад тым, як паставіць на музычны цэнтр новую кружэлку, я зьвярнуў увагу й на прамысловыя пазнакі завода-вытворцы, дзе слова «Babuški» дало хоць нейкую надзею на аўтэнтыку, але палілася першая песьня, за ёй другая, трэцяя,.. і высьветлілася, што ў Беларусі зьявіліся палымяныя кансэрватары нашага даўняга каляніяльнага шчасьця:
Стаканчыкі ґранёныя стаялі на стале,
Дзьве парачкі ўлюблёныя сядзелі за сталом.
Стаканчыкі ґранёныя упалі са стала,
Упалі да й разьбіліся. Разьбіта жызднь мая.
Гэта першыя словы новага рэлізу, але іх можна ўспрымаць за эпіґраф ўсяго праекту. Наўрад ці такое сьпяваюць у самой Расеі, якая ўсё ж пільнуе чысьціню мовы, а вось у Беларусі знайшліся рупліўцы, каб пільна захаваць засмарканыя парцянкі нашых першых акупантаў-перасяленцаў. Адзінае, што тут вартае ўвагі, гэта татальны беларускі акцэнт у чужынскіх песьнях (быў, аказваецца, і такі пэрыяд савецкай гісторыі), калі нават чужое гучыць ужо амаль незразумела для саміх чужынцаў:
Када ка мне ён не гаворыць, тада таска міне бярот.
Стаю я доўга пад вярбою, пака мой мілай не ідзёт.
Ня будзем дакараць недалужных умельцаў цалкам непаэтычнай рыфмы («штоф/любоф», «ґімназістка/танкістка», «астанавіўся/жалка стала», «пайду ў кварціру/мне гаварылі»), але варта задаць пытаньне дзеячам беларускай культуры, рухавікам ейным: у той час, калі не адшуканы Крыж Эўфрасіньні Полацкай, калі не адрэстаўраваны Лідзкі або Наваградзкі замкі, калі няма каму расшыфраваць і выдаць гістарычныя раманы Язэпа Дылы, няўжо варта марнаваць высілкі дзеля захаваньня сьветлага паўп’янага каляніяльнага мінулага колісь вялікага ліцьвінскага народу?
Але, памятаючы біблійнае «Кожнае рэч мае два значэньні», я паспрабаваў зірнуць і на «Вясковую лірыку» з іншага боку. І што б вы думалі – знайшоў станоўчы бок: калі, напрыклад, сьвядомыя беларускія рок-зоркі, маючы слабую гутарковую практыку, яшчэ нярэдка вымаўляюць беларускія словы на расейскі манэр («чяму», «лепшій», «пылкі»), дык тут ананімныя бабулькі невядомых вёсак ніводнага расейскага слова ня вымавілі ва ўсходняй традыцыі: «крыльля» хоць і ня сталі «крыламі», але й ня «крылья» ўжо. Дый «Сястра яшчо малая, яна ня слухает міня» – гэта ўжо вам не «Сестра ещё мала, она меня не слушает».
Ну а што да паліґрафіі выданьня, дык тут падманка ўвогуле ўзорная – дасканалы беларускі буклет з прышпільнымі трасянкаўскімі словамі: «Стаканчыкі», «Кіпарысы», «Паехаў мілы», «Жорсткі раманс», «Цыганачка Аза». Гэта назвы песень, якіх тут каля трох дзесяткаў. А сюжэты якія! Вось чым завершыўся, напрыклад, «Жорсткі раманс»:
А жэншчына-ўрач маладая скруціла мне рукі назад,
Чатыры здаровыя зубы мне вырвала Надзя падрад.
В тазу мае зубы ляжалі, а я, как рабёнак, рыдаў,
А жэншчына-ўрач хахатала. Па голасу Надзю ўзнаў.
– Уйдзі жа з майго кабінэту, бяры свае зубы ў карман,
Насі свае зубы ў кішэнях і помні з дантысткай раман.
Найпрышпільнейшае, што сьпяваецца такі трылер магутным хорам рамантычных жаночых галасоў. Але вось пры чым тут «Вясковая лірыка»?
Да станоўчых бакоў выданьня варта залучыць і мастацкую аздобу, зробленую Аляксандрам Ждановічам: відаць, ён чалавек з тонкім ґустам, таму ня стаў фальклярызаваць гэтыя музычныя барбарызмы, аздобіўшы кружэлку пад татальны лубок. Толькі вось скуль сымболем калгаснай беларускай вёскі савецкага часу стала нейкая галяндзкая фэрмэрская гаспадарка? Мо такімі марамі жыве мастак, але з такімі песьнямі мы прыйдзем хутчэй к трактару «МТЗ-80», загрузламу ў навознай жыжы. А потым прыйдзе Арына Вележ і створыць у зруйнаваным калгасе імя «10 год без ураджаю» Музэй Паношаных Беларускіх Парцянак, каб перадаць адмысловы прыклад нашчадкам. «Бліжэ к серцу», як цьвердзяць захаваныя ёю і пільна запісаныя ў дарагой студыі песьні.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

