Слухай сваё!

Вяртаньне былой велічы

«Арґаны Беларусі» – «Полацкі Сафійскі сабор», Мн., 2008, Музычнае Таварыства «Ліра»/«НМК».

У выходных зьвестках дадзенага альбому, выпушчанага кампаніяй «НМК» ў форме стылёвага 3-счыннага digipak’у з 16-старонкавым буклетам, не хапае хіба імя выканаўцы, якому падуладны той складаны музычны інструмэнт – арґан. Дый рэпэртуар, які можа ґарантаваць пэўнае эмацыйна-настраёвае багацьце. І тут нам ёсць чым супакоіць слухача, бо на дыску Ксэнія Пагарэлая, салістка канцэртовай залі Сафійскага сабору ў Полацку, музыка вышэйшае клясы, якая праходзіла стажыроўку ў вядомых прафэсараў Гамбургу й Амстэрдама, лаўрэатка Міжнароднага фэстывалю «Магутны Божа’93», арґанізатар з 1996 году міжнароднага фэсту «Званы Сафіі» ў Полацку, выкладчыца кафэдры спэцыяльнага фартэпіяна ў Беларускай Акадэміі Музыкі, выконвае такаты й фуґі вялікага немца Ё.С.Баха, рамантычныя творы фларэнтыйскага сярэднявечча Дж. Качыні, больш позьнія (рубяжа ХІХ-ХХ ст.) Л. Бёльмана й Ш.М. Відора, сучаснай беларускай кампазытаркі Г. Кароткінай.

Мэнэджэрам выданьня выступіў вядомы ў колах прыхільнікаў клясычнай музыкі саўндпрад’юсар Віктар Кісьцень, які задумаў цэлую сэрыю кампакт-дыскаў з запісамі арґаннай музыкі. Знайшоўшы падтрымку Польскага Інстытуту ў Менску і Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка, ён далучыў да супрацы ня толькі найлепшых выканаўцаў арґаннай музыкі ў Беларусі, але й знаных адмыслоўцаў, якія падтрымалі задуманую сэрыю ґрунтоўным навуковым досьведам. І вось ён, першы дыск, дзе ў Полацкім сафійскім саборы гучыць арґан вядомай чэшскай фірмы «Rieger Kloss», які мае каля 3900 труб.

Але рэч у тым, што выданьне ня толькі знаёміць з выканальніцкімі традыцыямі беларускіх арґаністаў, але й распавядае складаныя гісторыі канкрэтных заляў, адметнасьці пэўных інструмэнтаў, маляўніча падае ўсю гісторыю арґаннай музыкі ў Беларусі, краіне, якая заўсёды была крайнім усходнім фарпостам заходняй культуры ў Эўропе. Была, але ў выніку імпэрскіх гульняў ледзь не ператварылася ў расчыненую фортку пакручастага ўсходняга скразьняка на Захад. Артыкул Сьвятлены Немагай, зрэшты, лепш за мяне ў форме інтрыґуючага дэтэктыва распавядзе ўсе пэрыпэтыі зусім не банальнай гісторыі музычнага інструмэнту арґан у Беларусі. Гэта ж дзіва, што інструмэнт той трэба ня толькі настройваць перад канцэртам, але й сьпярша адшукаць яму мейсца ды пабудаваць!.. Затое які эфэкт!

Акрамя цудоўнай музыкі ды захапляючых артыкулаў выданьне прываблівае й сваёй ґрунтоўнай навуковай падмацоўкай, у чым пазнаюцца традыцыі выдатнай папулярызатарскай сэрыі «Беларускі музычны архіў», заснаванай лэйблам «БМАgroup» напачатку ХХІ стагодзьдзя. Такім чынам, калі вам будзе недастаткова даведачнага матэрыяла, разьмешчанага ў буклеце на беларускай і анґельскай мовах, вам прапануецца сьпіс літаратуры варшаўскіх, кракаўскіх выдавецтваў на польскай мове, маскоўскіх – на расейскай. Нямала й дадатковай беларускай навуковай літаратуры па гісторыі й тэорыі арґаннай музыкі ў Беларусі й навакольлі.

Сымптаматычны факт, што 2008 год, у якім была распачата сэрыя кампакт-дыскаў «Арґаны Беларусі», калі быў зроблены першы прафэсыйны запіс будучай скарбонкі, апынуўся юбілейным для беларускай арґаннай культуры: у 1408 годзе (600 гадоў таму) маґістр тэўтонскага ордэну Ульрых фон Юнґінґен выслаў клявікорд і партатыў у дар жонцы вялікага князя Вітаўта – Ганьне Смаленскай (на Радзіме якой у 1919-м акурат і БССР абвесьцілі). І хоць праз два гады нашыя продкі, не паддаўшыся на хабар, сурова падзёўбалі ордэн пад Ґрунвальдам, але дакумэнтальны факт захаваў сьведчаньне, што нават у тыя змрочныя часы сівой даўніны нашыя ды-джэі мелі экіпіроўку агульнаэўрапейскую. Пакуль на ўсходзе яшчэ нават не змайстравалі першай балалайкі, у нас ужо стаялі арґаны ды навучаліся адмысловыя спэцыялісты (будаўнікі, кампазытары, выканаўцы). Пінск, Нясьвіж, Віцебск, Ружаны, Паставы, Драгічын, Бялынічы, Ворша, Слуцак былі не захудалымі райцэнтрамі загнілай імпэрыі, а культурнымі цэнтрамі высокай усходнеэўрапейскай культуры.

Праўда, у будучыні хацелася б чуць на дысках сэрыі ня толькі чужыя шэдэўры арґаннай музыкі, але й творы тых нашых суайчыньнікаў, пра якіх распавядаюць аўтары прадмоваў новай CD-сэрыі ў сваіх гістарычных аглядах. Трэба ж неяк пацьвердзіць хоць бы такія словы: «Нават на мяжы XVIII-XIX стагодзьдзяў, калі Расейская імпэрыя пачала нішчыць інструмэнты ды забараняць будаваць новыя касьцёлы й кляштары, значны сьлед у галіне арґаннай музыкі Беларусі пакінулі кампазытары, арґаністы, кіраўнікі хораў кс. Ян Галіч-Сулінскі (?-1900), Ёахім Глінскі (1853-1898), Людвіґ Ґэрынґ (1867-1923)…» Іхні сьлед павінен быць захаваны як сьлед Ісуса Хрыста ў каплічцы недалёка старадаўнае Капэнскае Брамы каля Рыма (ці ўжо ў Рыме цяпер). Бо досыць пустых размоў пра сьляды, час паказаць іх ужо.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.