«Тролі» ў ліцьвінскім горадзе

«LitvinTroll» – «Rock-&-troll», Мн., 2009, «БМАgroup».
«Rock-&-troll» з чароды тых дэбютных альбомаў, якога публіка чакала зь першых канцэртаў новастворанай адзінкі. Дый балазе, бо касьцяк гурта «LitvinTroll» склалі вопытныя музыкі з трывалым досьведам працы ў такіх славутых калектывах, як «Стары Вольса», «Partyzone». А канкрэтна гэта Андрэй Апановіч (вакал, дуда, жалейка, цыстра), Сяргей Тапчэўскі (бубны, бэк-вакал), Васіль Верабейчыкаў (дуда, жалейка, флейта), Алесь Савянок (ґітары), Алег Клімчанка (бас), Дзяніс Вячэрскі (клявішныя, акардэон, бэк-вакал). Сьпярша гурт і ўспрымаўся як «Стары Вольса» зь ґітарным дамешкам, але з прыходам у склад яшчэ й партызонаўскага вакаліста (праўда, на ролю інструмэнталіста) ды басіста ўзьніклі сумненьні, да чаго больш схільны «LitvinTroll» – да індастрыэла ці мэдыевальнай музыкі. І вось дэбютны альбом растлумачыў усё.
Альбом «Rock-&-troll» гурта «LitvinTroll» быў запісаны пры падтрымцы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ды музычнага лэйбла «БМАgroup» на студыі «Quadro-records». Ён складаецца з 10 кампазыцыяў, сярод якіх і адзін адкрыты бонус – фольк-мэталёвы кавэр на «Breaking the law» гурту «Judas Priest» (без перакладу), і адзін прыхаваны (калі скончыцца апошні трэк, пачакайце дзьве хвіліны і пачуеце маленькі аўтэнтык-спэктакль на тэмы народнай песьні «Дуброва»).
«Дуброва» ёсць і ў складзе асноўных трэкаў альбому, але ейная рок-апрацоўка недалёка адыйшла ад аўтэнтыкі, хоць жорсткія рыфы ў пэўныя моманты надзвычай выразна падкрэсьліваюць эмацыйнае разьвіцьцё сюжэту. І ўсё ж пяшчотны вакал гасьцінна запрошанай на гукасэсію Анастасіі Апановіч (ён хоць і непрыкметны, але нібы стварае выразны кантраст на памежжы аўтэнтыкі з рокам) падвышае запамінальнасць акурат фолькавага пачатку.
Што да іншага фольку, дык зьвяртае на сябе ўвагу новая вэрсыя знакамітага беларускага эвэрґрына «Купалінка», які хто толькі ні перапрацоўваў. І хоць мясістае палатно «LitvinTrollя» ўражвае эмацыйнай напоўненасьцю ды мэлядыйнай віртуознасьцю, усё ж, відаць, чымсьці саступае неверагоднай вэрсыі гурта «P.L.A.N.» з рэперам Паўлам Зыгмантовічам (гл. «Купалінка’new» ў альбоме «Вялікае калі ласка», 2004), бо там ажно валасы дыбам становяцца ў гісторыі пра паколатыя ручкі Купалінкі.
Да фолькавых тэмаў можна аднесьці й клясычны «Пахне Чабор» Пятруся Броўкі. Яму таксама шанцавала на ўвагу ў рок-н-роле, але нейкага таямнічага адкрыцьця не зрабіў пакуль ніхто. Вось і ў «LitvinTrollя» звыклыя гардкор-практыкаваньні.
Спанатрыўшы крытыканскі сьверб гэтых заўваг, я сам зьдзівіўся народжанаму настрою, бо праслухоўваньне альбому дало пераважна станоўчыя ўражаньні. У чым жа справа?
Ды проста ўласная рок-творчасць музыкам удаецца больш. Вось і стартавая інструмэнталка «Лысы верабей» задае на цэлых тры хвіліны адпаведны настрой, уручае слухачу ключ да расшыфроўкі музычных вобразаў. І менавіта інструмэнталкі ў гэтым альбоме аказаліся ледзь не найбольш гітовымі (дадайма сюды й «Змрочнасць» – суцэльна мясістая смажаніна, а таксама «Баляду» – татальны разгуляй ґітарных пасажаў). А калі агулам альбом можа падацца некаму зусім неканцэптуальным, раю больш пільна прыслухацца да наступнага, загалоўнага трэку «Rock-&-troll», які пэўна стане гімнам будучых фан-клюбаў гурта «LitvinTroll», бо адэкватна малюе рэвалюцыйную ідэю калектыва паяднаць эўрапескі нэа-фольк з старадаўнімі традыцыямі беларускай аўтэнтыкі:
Б’ецца сэрца птушкай ў клетцы,
За бядой ідзе бяда,
Выратоўвайце, людцы!
Выратоўвай, дуда! –
сцьвярджае Васіль Верабейчыкаў, шукаючы выйсьце з кашмарнага сну ў аблозе пачварных троляў. Найважнейшае, што нават той кашмар не такі страшны, бо наўкол беларуса (ліцьвіна) акурат ліцьвінскія тролі.
«Песьня пра троляў» якраз і распавядае пра старажытныя часы змаганьня крывіцкіх волатаў з балотнымі тролямі. І ствараецца такое ўражаньне, што нам менавіта патрэбныя тыя тролі, каб палохаць чужынцаў-уварванцаў на нашай зямлі.
Сказаўшы вышэй «інструмэнталкі ледзь не найбольш гітовыя тут», відаць, нельга абыйсьці ўвагай і контрапункт «ледзь не» – «ледзь так». Дык вось найбольшым гітом альбому апынулася славутая швэдзкая баляда «Herr Mannelig», знаная па ўсёй Эўропе. Найбольш вядомая вэрсыя ў нашых краёх – ад нямецкага фольк-мэтал гурта «In Extremo». І хоць немцы сьпяваюць яе па-швэдзку, але нашы хлопцы натхняліся яўна не ад іх, бо беларуская аранжыроўка выразна больш напорыстая, а тэкст на 4 страфы даўжэйшы. У немцаў «Herr Mannelig» я знайшоў у альбоме «Verehrt Und Angespien» (1999), дзе яна апынулася ажно ў двух варыянтах, адзін карацейшы за другі (трэкі 3 і 13), але толькі ў арыґінальным ды беларускім тэксьце, калі слухаць песьню з буклетам у руках, душу працінае траґізм сітуацыі за так і не пацалаваную нікім дачку дзікага троля-пачвары, каб скінуць зь яе вядзьмарскія чары.
Беларускіх перакладчыкаў швэдзкага тэксту В. Верабейчыкава, А. Апановіча й Зм. Сасноўскага можна й папракнуць, і ўхваліць за надзвычайную пільнасць і павагу да арыґіналу, бо калі немцы дазволілі сабе праіґнараваць чужынскія мясцовасьці Tillö ды Ternö, дык і мы ж маглі б апяяць таямнічыя замкі ў Міры або Крэве, а «LitvinTroll» сумленна перадаў кожны нюанс першакрыніцы:
Дванаццаць водных млынаў я падару табе,
Што стаяць паміж Ціла і Тэрна (прабачце, швэды, за беларускі акцэнт, – В.М.).
Іх жорны медзяныя захопяць цябе,
А іх колы аздоблены срэбрам.
А хіба ж млыны, «Што стаяць паміж Мірам і Крэвам» ня лепш бы рыфмаваліся з «срэбрам»? І была б сапраўдная ліцьвінтрольская баляда. Зрэшты, мо й пазычаць чужое таксама варта сумленна, isn’t it?
Да чужых гітоў альбома «Rock-&-troll» належыць і згаданы вышэй анґламоўны «Breaking the law» («Judas Priest»). У кавэры выкарыстаны беларускія жалейкі й нямецкі акардэон 30-х гадоў, што не дадае тае самае аўтэнтыкі. Але ня страшна, бо ўвогуле пры выкананьні песень выкарыстаны як клясычныя рок-інструмэнты, гэтак і цэлы парк сярэднявечных ды народных музычных прылад. У тым і аўтэнтыка.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

