Станоўчыя эмоцыі белфольк-эмо

«Джамбібум» – «Жавароначкі», Мн., 2008, «БМАgroup».
Вось ён, юбілейны дыск лэйблу «БМАgroup» – CD-BMA-100 (гл. зноску й фотку). Кажучы шчыра, на прэзэнтацыі гэтай кружэлкі ў к/з «Менск» я апынуўся выпадкова, бо лічу больш важнымі ня сотні разоў перасьпяваныя песьні нашых бабулек, а творы рэальнага сучаснага сумоўя. Але шкадаваць не давялося, бо «Джамбібум» выявіўся ня проста «музыкай станоўчых эмоцыяў», як яны самі сябе пазыцыянуюць, а насамрэч прадэманстраваў высокі прафэсыяналізм і нестандартны падыход да творчасьці. Гэта адна зь нямногіх каманд Беларусі, якія не абмяжоўваюцца добрым выкананьнем песень, а вынайшлі сабе рэальна непаўторны гук, які яшчэ шмат хто будзе капіяваць потым.
Стылістычна «Джамбібум» залучаецца да напрамку new age або world music. Але калі ўсе ў гэтай плыні робяць пераважна dark-wave замесы (цёмнай хвалі), дык «Джамбібум» насупраць пайшлі ў выключна станоўчыя эмоцыі. І хоць песьню «Жавароначкі» вы ляґічна будзеце чакаць і ад «Юр’я», і ад «Troitsa», і ад «Guda», і ад «ЯR», але варыянту «Джамбібум» не дачакаецеся. Ня буду сцьвярджаць, што адметнасць гурта базуецца толькі на актуальных аранжыроўках у моднай плыні драм’н’бас або клясычным экзатычным рэґей, бо не апошняй сталася й адзінадушная спаянасць удзельнікаў калектыву.
Уваходзілі ў склад падчас запісу CD сямёра дасьведчаных музыкаў: Наста Хмель, Раман Абрамчук, Павал Баеў, Ганна Даўгаполава, Ульляна Мініч, Павал Абакумаў, Дзяніс Жураўлёў. І творчасць іхняя не замыкаецца на граньні ды сьпяваньні, бо станоўчыя эмоцыі яны пераканаўча прэзэнтуюць у адмысловым шоў. Кожны канцэрт «Джамбібум» становіцца поўнавартасным спэктаклем. Паказальна тое, што людзі, якія выпадкова прыйшлі на той згаданы прэзэнтацыйны канцэрт, не адразу кінуліся набываць новыя дыскі, што сьведчыла пра жаданьне спраўдзіць кінутыя рэклямай пачуцьці. А потым ля музычнага кіёску ўтварыўся сапраўдны вэрхал фэнаў-неафітаў, некаторыя зь якіх бралі ажно па чатыры кружэлкі ў адны рукі. Я нават пацікавіўся: «А навошта вам столькі?», на што атрымаў ляґічны адказ: «Для сяброў».
Зрэшты, дыск і сам па сабе выглядае надзвычай прывабна, спрацаваны ў форме стылёвага дыґіпаку, напоўненага пяшчотай гарачых летніх колераў. Ён насамрэч будзе цудоўным падарункам для сяброў на любое сьвята. І хай сабе гэта песьні ні пра што, але ж так імпэтна выкананыя.
Сёньня ўжо можна з упэўненасьцю сказаць, што «Джамбібум» чакае немалы посьпех. Асабліва на Захадзе, дзе ўсё адно не дакапаюцца, скуль і пра што тыя песьні, але абавязкова дагледзяць апантанасць музыкаў у адданасьці музычным вобразам. Дый высокі прафэсыяналізм там не застанецца па-за ўвагай.
Зрэшты, гэтыя якасьці не абмінулі ўвагай і суайчыньнікі, бо тут рэдка які калектыў на пачатку шляху зьбіраў поўныя залі (Палац Мастацтваў, к/з «Менск»), а «Джамбібум» гэта ўдаецца раз за разам.
У альбом «Жавароначкі» яны ўключылі тузін вельмі разнастайных песень, якіх усё ж аб’ядноўвае агульны настрой. І гэта мажорны настрой. Загалоўны твор прысутнічае і ў акустычнай вэрсыі, і ў варыяньце dj-remix. Найбольш вабнымі асабіста для мяне гітамі апынуліся рэґей-трэкі «Казёл» і «Стукнула-грукнула», ну проста клясычныя стандарты стылю, сам Боб Марлей пазайздросьціў бы, асабліва першай з названых:
Як прыйшоў, як прыйшоў
Казёл пад ваконца:
Ці прадуць, ці прадуць
Дзеўкі валаконца?
А ўсе дзевачкі прадуць,
Адна Манька не прадзе.
Аддадзім мы яе
За казла, за казла, оў-е!
Прага музыкаў «Джамбібум» да калярытнага шоў адчуваецца нават з дыску, калі замест брыджа ў песьні гучыць тэлефонная размова зайздросных пляткарак пра нейкага казла, які ўсё ходзіць да Манькі, а да іх не.
Дасканалыя сюжэты разгортваюцца і ў песьнях «Саколік», «Навіна», «Казка», «Дзеўкі». Адно шкада: ажыўляючы песьні сучаснымі дыялёґамі, артысты часам выдаюць сваю чужынскую адукацыю: «Зямля, зямля, бягі хутчэй за канатам, Груша». Ну відавочна ж не «бягі», а «бяжы», ды не за «канатам», а за «гужам». Няўжо забыліся простае беларускае: «Узяўся за гуж (г.зн. за найтаўсцейшую вяроўку), дык не кажы, што ня дзюж»? Дык у слоўнік В. Ластоўскага б зазірнулі. Мо тады б і не «жэншчынам інцярэсна было», а «жанчынам цікава».
І ўсё ж магутнасць вакальных партыяў, зладжанасць рытм-сэкцыі і бездакорнасць народных тэкстаў («Жніўная», «Вясна на калочку», «Юр’я») захіляе дробныя недахопы. Вабіць слухача й тое, што акрамя беларускіх песень «Джамбібум» здольны прэзэнтаваць і украінскія. У дадзены альбом уключана «Зовзулэнько». Ацэньваць яе не бяруся, аддаючы тут перавагу украінскім аналітыкам, але мо невыпадкова кампутар прапаноўвае правільна пісаць па ўкраінску «Зозуленько»? Зрэшты, трэба ж улічваць тут і дыялектныя асаблівасьці, мо нават гэта ніякія не украінцы, а нашыя паляшукі-яцьвягі (ятвызь), але факт, што для шэраговага беларуса песьня гучыць надзвычай калярытна. Як, дарэчы, і ўвесь альбом гурта «Джамбібум».
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

