Слухай сваё!

Песьні й асобы эпохі Камоцкага

Алесь Камоцкі «Песьня як жыцьцё», Мн., 2009, «БМАgroup».

Асноўныя лідэры й адраджэнцы нацыянальнай бардаўскай песьні ўжо даўно прапісаліся ў CD-сэрыі «Беларускі музычны архіў» (Сяржук Сокалаў-Воюш, Віктар Шалкевіч, Эдуард Акулін), а вось Алесь Камоцкі чамусьці заставаўся ўбаку ад плённай ініцыятывы лэйбла «БМАgroup». Заставаўся, ды не застаўся, бо ў 2009-м, да 50-годзьдзя артыста, у названым цыкле выйшаў маштабны збор чароўнай раньняй лірыкі пад кранальныя акорды акустычнай ґітары, які раней выдаваўся толькі на касэтах або кружэлках-самарэзах. Дык вось ён, перад намі, паўнафарматны фірменны CD-рэліз Алеся Камоцкага «Песьня як жыцьцё». Сапраўдны greatest hits, досьвед усяго жыцьця. Прэзэнтацыйны канцэрт гэтага CD пройдзе ў дольнай залі сталічнага касьцёлу Сымона й Алены 29 чэрвеня 2009 г.

Ужо ў бібліяґрафіі названага выданьня мы знаходзім сьведчаньне выключнасьці асобы Алеся Камоцкага ў спэктры беларускай песьні: першыя публікацыі пра адраджэньне нацыянальнай плыні бардаўскага жанру зьвязаныя зь ягоным імем (артыкул Юркі Ляшчынскага «Камоцкі й Сокалаў» у беластоцкай «Ніве» 1988 году, Вінцука Вячоркі «Думка, ґітара, песьня» ў камсамольскай прэсе тых жа 80-х), першыя топ-пазыцыі Алесевых песень «Раскажы мне пра дождж», «Гаспадыня ранішняй зоркі» ў адзіным беларускім гіт-парадзе 90-х «ЧЗ/Liberty», першыя самвыдатаўскія альбомы D.I.Y.-культуры, заўважаныя прэсай і дома, і ў замежжы…

Праўда, што да гітоў Камоцкага, дык з названых мэґа-топаў першы трапіў у гэтую складанку ў віртуознай, але ня роднай перапеўцы Зьмітра Вайцюшкевіча, а другі ўвогуле застаўся за бортам выдавецкай увагі. Тым ня менш вялікіх песень, якія кожны пазнае зь першага акорду, у праґраме дастаткова: «Сані/Ноч з марозікам», «Роздум/Расплата за ўсё», «За дахамі места», «Не кляні, о анёл абаронца»І справа тут ня толькі ў вялікай паэзіі Багдановіча, Ґеніюш, Караткевіча, Жылкі, але і ў адметным мэлядычным почырку самога Камоцкага.

А колькіх сучасных паэтаў ён адкрыў нашаму засьлепламу ў штодзённай мітусьні сьвету: Міхася Стральцова («Згасаеш, ну згасай»), Рыгора Барадуліна («Зорка босая», «Тайная вячэра»), Ганада Чарказяна («Каб уздыхнуць/Смутная гадзіна», «Сьвечка»). І ці ж не сапраўдная філязофія жыцьця адкрываецца ў такіх песьнях, як на словы апошняга з названых:

Хто на чужыне сканаў не забыты,

Хто дагарэў на бацькоўскай зямлі,

Датэрмінова здаў кожны іспыты,

Каб да сябе яго продкі ўзялі.

Нехта ў адчаі прыпаў да магілы,

Нехта трымаў свае сьлёзы ў сабе,

Нехта прылашчыў пагорак астылы,

Нехта маўчаў анямела ў журбе.

Лаўлю сябе на думцы, што ўжо не магу чытаць гэты верш абстрагавана, бо мімаволі ўсьведамленьне аднаўляе гукі Алесевых мэлёдыяў, шарм ягонай адметнай манэры. А хто ж і калі адкрыў гэты Божы дар сучасьнікам? Будзеце зьдзіўлены, калі назаву вядомага рок-прапаґандыста 80-х, прэзідэнта тагачаснага рок-клюбу «Няміга» Анатоля Мяльґуя, які толькі паступіў тады на факльтэт журналістыкі БДУ ды намовіў свайго аднакурсьніка Міколу Супрановіча паспрабаваць сябе на ніве адкрыцьця маладых талентаў, аднаго зь якіх ён спанатрыў на канцэртах свайго рок-клюба. Той артыкул «Сяброўка ґітара» стаў вызначальным у гісторыі нацыянальнага бардаўскага руху, перадрукоўваўся ў 1985-м шэрагам ґазэт.

Дарэчы, той самы Мяльґуй невыпадкова стаў і аўтарам уступнага артыкула ў гэты томік «Беларускага музычнага архіву», што і абумовіла надзвычайную ґрунтоўнасць асэнсаваньня гэтай неардынарнай асобы: «Досьвед Камоцкага, – піша Анатоль Мяльґуй, – дапамагае разьвіцьцю непадцэнзурных плыняў ўсяе беларускамоўнае папулярнае музыкі. І гэта адказ на пытаньне, што можа зрабіць для нацыянальнае культуры Асоба… Як вынік, вядомасць асобы Камоцкага перарасла ў папулярнасць. Але ня варта ўсё сьпісваць на ягоны прад’юсарскі гарт, іґнаруючы талент Камоцкага-мэлядыста ды ягоны артыстызм. Гэтыя якасьці ў асобе Алеся Камоцкага адкрылі новы "кантынэнт" беларускай бардаўскай песьні ўвогуле».

Заглыбляючыся ў шматґраннасць асобы Алеся Камоцкага, нельга забываць і пра тое, што ён яшчэ й сам прыкметны паэта. І ня толькі аўтар тэкстаў да сваіх песень («Кастрычнік/Сонечны адчай», «Мітусьня каляровых дзён», «Гораду», «Позірк»), ня толькі дасьціпны перакладчык савецкай песеннай клясыкі («Журавы», «Як толькі ты/І ў доўгі шлях праз дні і гарады»), але й проста паэта, аўтар шэрагу кніжных зборнікаў. А карыстаюцца тымі кнігамі Камоцкага яшчэ й іншыя калеґі па музычнаму цэху: у CD «Песьня як жыцьцё» ёсць нават адмысловы разьдзел «Інакшы Камоцкі», дзе да ягонага вэрбальнага досьведу зьвяртаюцца ня толькі згаданы Зьміцер Вайцюшкевіч, але й папулярныя зоркі беларускай эстрады Ларыса Грыбалёва (калыханка «Сьпі, мая кветачка»), Лявон Шырын (песьня «Абарваная струна» для Стэфана) і нават фальклёрны ансамбль «Неруш» (псэўда-фольк-гіт «Вярґіня пад вакном»).

Дадатковай звабай дадзенага альбому стане й нябедны фотаілюстратыўны матэрыял спадарожнага буклету, дзе мы бачым Алеся Камоцкага ў кампаніі такіх знакамітых людзей, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, бачым яго на шыкоўных сцэнах эўрапейскіх фэстываляў і ў сьціплым сяброўскім хаўрусе. І няма ні прэзідэнтаў, ні сакратароў ЦК, а толькі вялікія людзі вялікага чыну вялікай эпохі. Эпохі Алеся Камоцкага.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.