Клясыка айчыннага арт-року

«Сузор’е» – «Песьня пра зубра», Мн., 2008, «Каўчэг».
Неяк адзін мой знаёмец па музычных захапленьнях, які так і застаўся ў незабыўных 70-х ды ўсё адмахваўся ад «вашего белорусского псевдо-фолька», выпадкова пачуў у мяне новы альбом бярозаўскага гурта «:Б:Н:» ды кажа: «А што, і ў Бярозе ўжо так граюць?..». Потым я адмыслова паказаў яму сьвежавыдадзены двайнік «Мясцовага часу», на што ён адрэагаваў: «Дык гэта што – 80-я, Полацак?!! А чаму я ніколі ня чуў?». Цяпер у ягонай калекцыі каля 40 беларускіх рок-альбомаў, але ўсё не супакоіцца з сваімі традыцыйнымі дакорамі: «Ну добра, усе сучасныя стылі прадстаўлены ў вашым беларускім року, але ж я выхаваны на сусьветных узорах арт-року – брытанскія "Genesis", "Yes", штатаўскі "Pavlov’s Dog", польскі "RSC". А вось чагосьці такога ў вас, нацыяналістаў, няма». Мо ў адказ на няслушныя папрокі такіх людзей амбасада ЗША яшчэ на 3-ім фэстывалі «Амбасовішча» выступіла з ініцыятывай узнавіць у сучасным CD-выданьні маштабную працу беларускага арт-року 80-х – рок-опэру «Песьня пра зубра» славутага ў той час гурта «Сузор’е».
Калі прыгадаць мне ’шчэ й свой артыкул пра «Сузор’е» ў першай нашай (з А. Мяльґуем) кнізе «Праз рок-прызму» (1989, New York), дык цытата будзе аж надта характэрная: «У пошуках сур’ёзнага, зацікаўленага слухача "Сузор’е" пайшло нестандартным шляхам, узяўшы за літаратурную аснову задуманага аб’ёмнага твору ня што іншае, як помнік высокай духовай культуры беларускага народу – паэму эпохі Адраджэньня "Песьня пра зубра" Міколы Гусоўскага. Эмацыйна твор прагучаў нават у перадачы радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная", дзе крытык Сяргей Дубавец асьвятляў пытаньні гістарычнай памяці й нацыянальнай сьвядомасьці. А калі хоць адзін твор пэўнага калектыву здольны вярнуць ці разьвіць у чалавеку азначаныя якасьці, значыць гэты калектыў чагосьці варты» (стар. 146).
У «Сузор’я» не адзін такі твор: потым зьявіўся й ня менш маштабны канцэпт «Полацкі сшытак». Але сьпярша была «Песьня пра зубра».
Ідэя стварэньня такой аб’ёмнай канцэпцыі належыць колішняму бас-ґітарысту гурта Валянтыну Пучынскаму, які адыйшоў, на жаль, у іншы сьвет. У 1981 годзе менівіта ён паказаў калеґам толькі што выдадзены том з «Песьняй пра зубра» ў перакладзе Язэпа Семяжона. Музыкі цяпер узгадваюць, як натхніла іх глыбокая філязофія й высокі стыль твора. Гэта ж мы былі часткай Эўропы!
Праца пачалася ў пачатку 80-х, калі ідэі нацыянальнага адраджэньня ўсё больш турбавалі моладзевае асяродзьдзе, а гурт «Сузор’е» дакарала ў пасыўнасьці нават тагачасная прэса (перад тым у іх была толькі адна песьня на роднай мове – «На шляху дзікіх гусей» (У. Буднік – М. Танк). Праца аказалася хоць і доўгай, але плённай. Гурт нават падрыхтаваў некалькі моўных вэрсыяў твора, якія… так і не ўзяла ў абарот афіцыйная прапаґанда.
У 2006 годзе «сузорцы», расчараваўшыся ў сваёй дактрыне, нібыта «трэба сьпяваць на найбольш распаўсюджанай мове, раз працуеш у папулярным жанры» (хоць па-кітайску так і не засьпявалі), адмовіліся й ад расейскай, прадставіўшы на 2-ім фэстывалі «Амбасовішча» канцэртовую вэрсыю акурат беларускага варыянта рок-опэры, адным з аўтараў лібрэта якога апынуўся супрацоўнік амбасады ЗША Аляксей Саламаха. Гэта й паспрыяла аднаўленьню леґендарнага твора ў новай студыйнай якасьці, а амбасада пажадала спрыяць выданьню яго прамысловым накладам.
Паводле музычных слоўнікаў, опэра – гэта жанр, у структуры якога павінен прысутнічаць уступ, увэртура і сольнае выкананьне пэўных партыяў (арыі, рэчытатывы, вакальныя ансамблі, хоры)… Усе гэтыя атрыбуты ёсць і ў рок-опэры «Сузор’я». Напрыклад, харавая кампазыцыя «Excutit Arbitrium Res» ды магутная паводле гучаньня інструмэнтальная п’еса «Інтрадукцыя» – гэта акурат і ёсць уступ і увэртура дадзенага твору. А ў рэчытатыве «Ліст да каралевы Боны» наш ґеніяльны сярэднявечны продак Мікола Гусоўскі выказвае думкі сучасьнікаў да манаршай асобы, у якіх ня толькі расповед пра тое, чым паклікана «Песьня пра зубра», але й падказкі актуальнай палітычнай слушнасьці.
Сапраўдным вакальным разгуляем назваў журналіст Анатоль Мяльґуй кампазыцыі «Бойка быкоў» і «Зубр», у канве якіх пануе сьпеў Нэлі Дзянісавай і Андрэя Казлоўскага. Дый клясычны саўнд «Сузор’я», аказваецца, цяпер стаў надзвычай актуальным, калі тупыя FM-фарматы спарадзілі цікавасць да багатай поліфаніі электронных інструмэнтаў, гард-рокавай рытм-сэкцыі, скразных сольных партыяў электраґітараў, якія панавалі ў часіны росквіту арт-року.
У кампазыцыі «Панна Марыя» выкарыстаны цудоўны пераклад зь лятыны, зроблены славутай паэткай беларускай эміґрацыі Натальляй Арсеньневай. Запрошаны «сузорцамі» хор дасягае тут эмацыйнага ўзьдзеяньня наймацнейшай фінальнай часткі рок-опэры – «Excutit Arbitrium Res»…
А гімн «Родны мой край», бадай, ці не найярчэйшы фраґмэнт палатна. І калі вы зноў засьцерагаецеся тут дэвальваванага рознымі песенькамі пра «родимую сторонку» сьвятога чалавечага пачуцьця адданасьці роднай зямлі, дык супакойцеся. Музыкам «Сузор’я» ўдалося стварыць сапраўды шчыры гімн зямлі, на якой вырасьлі, блукалі, але ўсё ж адшукалі зноў у сваіх душах.
Сюжэтаўтваральнай асновай стала кампазыцыя «Паляваньне», дзе музыкі разгортваюць драматурґію рок-опэры. Ейны разьмеркаваны рытм – нібы стук магутнага сэрца, што б’ецца ў неадольнай празе жыцьця. Але… Хітрамудрыя паляўнічыя ведаюць, калі й куды біць, каб пазбавіць жыцьця валадара Белавежскай пушчы. І нават зьвер у свае апошнія імгненьні бачыць перад сьмерцю родную дуброву…
Колькі глыбокага сымбалізму, ў якім музыкі «Сузор’я» сьледам за вялікім прашчурам М. Гусоўскім намагаюцца асэнсаваць сутнасць жыцьцёвых мэтаў і найбольш трывалых арыентыраў. І, напрыклад, галоўная тэма кампазыцыі А. Несьцяровіча (клявішныя) і А. Казлоўскага (ґітара) «Сумленьне й розум» – вера ў лепшыя якасьці чалавека, у ягонае высокае прызначэньне. Твор вылучаецца разнастайнасьцю рытмічнага малюнка, поліфанічнасьцю аранжыровак, характэрных для клясычных узораў арт-року.
25 гадоў ішоў да свайго масавага слухача гэты неардынарны твор. Неспрыяльнымі былі й час, і людзі навакольныя, і сама сьвядомасць музыкаў. Але твор выжыў, перамог перашкоды лёсу, бо ён рэальна мацнейшы. І трэба толькі дзякаваць амэрыканскім дыпляматам на чале з паўнамоцным амбасадарам ЗША ў Беларусі Карэн Сьцюарт, што дапамаглі завершыць гэтую сымбалічную й доўгую беларускую «Адысэю».
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

