Слухай сваё!

Канструктыўныя zIGZAGі творчасьці

«zIGZAG» – «Bionic@», Мн., 2005, «БМАgroup».

Менскі гурт «zIGZAG» (адзін з герояў кнігі «222 альбомы беларускага року», гл. стар. 24, 53, 89-90, 302, 323, 404-6, 420) увайшоў у нацыянальную плынь маскульта адметным замесам нэа-рамантычнага стылю. Цераз памкненьне стварыць аб’ёмную настраёыую палітру з дапамогай электронных клявішных інструмэнтаў яго нават пэўны час называлі «беларускі DEPECHE MODE», дый выступаў ён у трыб’т-канцэртах на гонар знакамітых брытанцаў. Але пасьля другога альбому «Тры расейскія літары» з схільнасьцю да ґітарных мэтал-пасажаў, да панкаўскага фрывольства, стаўленьне фанаў раздвоілася… Тым ня менш першы альбом «Bionic@» так і застаўся ўзорам красамоўных музычных вобразаў, на якіх нават настаўнікі маляваньня вучаць у беларускіх школах дзяцей абстрактнаму мысьленьню.

Прызнацца, у часы панаваньня ў белтэлерадыёэтэры антынацыянальных штучных фарматаў менавіта «zIGZAG» застаўся рэдкай фарматнай адзінкай, прапіхваючы свае кліпы ў плебісцыт «Гіт-момант», у конкурс БТ «На скрыжаваньнях Эўропы», а з ўвядзеньнем 75% квоты на FM-станцыях стаў і там фарматным, хоць зваротлівыя радыёбонзы змушалі музыкаў да ратацыі анґламоўных вэрсыяў беларускіх песень. Праўда, «Малітва» з CD «Bionic і на роднай мове напрацягу ўсяго 2005 году не вылазіла з раскручанай беларускай гіт-дваццаткі «На скрыжаваньнях Эўропы», тройчы дасягаючы першага мейсца і трапіўшы ў выніковы CD, а «Пабудзі мяне» стаў адным зь пераможцаў праекту «Залаты тузін». Прад’юсары гавораць аб надзвычайнай зручнасьці гэтай творчай адзінкі празь ейную апалітычнасць (баяцца слова лішняе пікнуць), а мяне акурат радуе, што і ў рамантычных тэкстах пра птушак, каханьне ды прыроду «zIGZAG» не апускаецца да нематы. Вось хоць бы згаданая «Пабудзі мяне»:

Я бягу

З таго шляху,

Які – кажуць яны –

Да сьветлай будучыні.

«zIGZAG» не аморфная пустэлька для затычкі этэрных радыёдзірак, бо сацыяльна актыўны вытвор. А мэлядычная песьня «Mine Free World» напісана па-анґельску дзеля гала-канцэрту Міжнароднага Сымпозыюму па забароне проціпяхотных мінаў у Кэніі. І на дыск трапіла in english на памятку аб удзеле ў сур’ёзным сэйшне сусьветнага маштабу, але ўжо ў лютым 2005 была пераасэнсавана па-беларуску пад назвай «Рэха войнаў» дзеля конкурсу патрыятычнай песьні «ОНТ». У чэрвені 2005 «zIGZAG» выступаў зь ёй ды іншымі беларускімі песьнямі ў рамках ІІІ Сусьветнага моладзевага канґрэсу ў Эдынбурґу.

А мне на слых песьні Ігара Загумёнава кінуліся яшчэ ў канцы 90-х, калі ён, ураджэнец Беларусі, сьпяваў выключна па-анґельску, бо адукацыю атрымліваў у Ню-Ёрку. Колькі суайчыньнікаў, вяртаючыся дамоў, ішлі за большасьцю, сьпявалі па-расейску ці размазвалі невядома тут для каго анґельскія сусьлі, а Ігар спачатку прыкмеціўся сваімі беларускімі кліпамі «Кастрычнік» і «Зігзаг». Найбольш інтрыґуючай для мяне стала вестка «Музыкальной газеты», што бацька Ігара нарадзіўся ў Манґоліі ў беларуска-рускай сям’і, якая шмат падарожнічала, і… Радзімай Ігара стала Беларусь, дзе ён у творчасьці абраў матчыну мову.

Асабіста з Ігарам (з ІГарам ЗАГумёнавым; адчуваеце, скуль назва?) я пазнаёміўся ў Швэдыі ўвосень 2004, куды мы трапілі на запросіны Швэдзкага інстытуту. Ён дасьледваў структуру швэдзкага радыёрынку, шоў-бізнесу, адукацыі, выступаў з маляўнічымі песьнямі ў стылістыцы між atmospheric і new romantic. Той касмапалітычны кактэйль у злучэньні зь беларускай мовай быў незвычайны, і музыколяґ з Ґётэборґу Стэфан Гэльман пытаўся: «Родная мова вашай краіны ў заняпадзе пад ціскам рускамоўнай адукацыі, дык чаму ты, далёкі ад фольку, сьпяваеш на мове, на якой амаль ніхто не гаворыць?» Ігар адказаў: «Калі людзі й не гавораць па-беларуску, яны разумеюць мову, больш таго – любяць яе. Лепшыя беларускія рок-гіты ствараюцца менавіта на беларускай мове, і гэта дамінуючы прадукт нашага рынку. Я сьпяваў па-анґельску, але ў Беларусі тыя песьні ня сталі культавымі ці проста папулярнымі, а творцу сілкуе кантакт з слухачом. Шукаць паразуменьня ў расейскай мове не спрабаваў, бо важней злучыцца зь пераважнай традыцыяй і выявіцца ў кантэксьце тытульнай культуры».

У моладзевым клюбе Фарґелянда было творчае знаёмства: ён слухаў кампазыцыі на мае вершы ад «Tesaúrus», «P.L.A.N.», «Deadmarsh», а я знаёміўся зь першымі запісамі дэбютнага альбому. Былі й захапленьні («Птушкі», «Гара»), і заўвагі. Цяпер у дыхтоўным прадукце студыі «X-Noise factory», выдадзеным лэйблам «БМАgroup», знаходжу шэраг канструктыўных зьменаў, што робяць яго цэльным і пераканаўчым, узмацняючы й повязь той касмапалітычнай музыкі з фолькам. А ў антуражы аванґарднай электронікі ёсць мейсца й смакавітай ґітары, і экзатычнаму саксафону, і роднаму вургану або жалейцы, і нават глыбока прачутай традыцыйнай мэлёдыі («Кастрычнік»). А выдаўцы даюць і шанц паглядзець на кампутары адзін з кліпаў – «Пабудзі мяне», зьняты ў моднай плыні 3D-анімацыі.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.