Фальклёрныя DJ-міксы

«Ветах» & «Верас» – «Vietah in an Acid Childhood», Мн., 2008, «Triquetra».
Чаму ў загалоўку гэтай рэцэнзыі, якая распавядае пра цікавы музычны праект у сфэры фольку, я ўжыў жарґонныя барбарызмы? Ды ў знак адплаты музыкам, якія базаваны на чысьцюткім першакрынічным фальклёры праект вырашылі назваць па-анґельску. Так, праект не архаічны па характары сваім, але хіба вострасучасная музыка ніяк не пасуе сучаснаму беларускаму этнасу? Чаму ж не напісаць на вокладцы проста – «"Ветах" занураецца ў дзяцінства», бо праект гэты насамрэч адрасаваны хутчэй не сур’ёзным дасьледчыкам, а дзецям, фанатам модных дыскатэчных танцаў.
Назву дударскага гурта Вячаслава Калацэя «Ветах», які стала працуе з паралельнай творчай адзінкай «Верас» (дзіцячыя сьпевы), мэляманы знойдуць ужо ў ґрунтоўным фаліяньце «222 альбомы беларускага року» (глядзіце стар. 113, 198-199), бо іхні дэбютны рэліз «Тэмпаральнасць» (2000) прывабіў адмыслоўцаў яшчэ на рубяжы тысячагодзьдзяў. Але калі там быў так званы пост-аўтэнтык-фольк, дык тут менавіта модны аванґардны прадукт, які параўнаць можна хіба зь вядомым альбомам «Танчыць Палац» праекту ПАЛАЦ & dj Raу Хвісевіч. Толькі не спадзявайцеся на аналяґічнасць такіх параўнанняў, бо невыпадкова ж выдаўцы назвалі яго «электронна-калядным жартам» (толькі чаму сьціплым?). Гэта хоць і лёгкі, захапляльны прадукт фольк-мадэрну, але дастаткова сур’ёзны ды канцэптуальны. Ягоныя першыя гукі я пачуў акурат неяк на Каляды ў кніжна-музычным пакоі Таварыства Беларускай Мовы на вуліцы Румянцава, дзе адбывалася прэзэнтацыя выставы найактуальнейшай беларусікі.
Мне акурат выпала гартаць новы томік Юры Туронка пад нейкія чароўныя гукі сучасных рытмаў. І надзіва роднай ды знаёмай была сама сучаснасць гукаў, што акурат і прывабіла маю ўвагу.
Цяпер усьведамляю, што ўвайшоў я ў офіс ТБМ акурат на самым пачатку, калі калёнкі магутнага «Ґрюндыґа» разносілі ў пакоі віртуозныя электронныя навароты вядомых рытмаў традыцыйнай полькі «Янка». Папрасіўшы дазволу патыркаць піпку «next» на апараце, я імгненна атрымаў беглы агляд знакамітых нашых мэлёдыяў «Ай, калядачкі, бліны-ладачкі», вернутую з забыцьця яшчэ славутымі «Песьнярамі», кім толькі ні перапяваныя «Го-го-го, каза», «Добры вечар таму, хто ў гэтым даму», «Ішла каляда ўвечары».
Калі задацца мэтаю традыцыйнага крытыканцтва, дык музыкаў можна папракнуць і ў нястачы шчыльнасьці гуку, якога патрабуе менавіта дыскатэчная публіка, але пагаджуся й з апанэнтамі новых дыскатэчных стандартаў, у якіх відавочна могуць апынуцца свае патрабаваньні. Бо факт, што гэтая музыка правакуе ў скокі многіх.
Выразнымі дэнс-гітамі акурат наймаладзейшыя прызнаюць у новай вэрсыі трэкі «Янка», «Лядзецкая полька», ставячы пытаньні хіба над асобнымі фраґмэнтамі (спраўджана ўласнымі дзецьмі). І хоць асабіста мая дачушка Альдома не ўпадабала менавіта маю ўлюбёную мэлёдыю «Дуда», затое як нам разам пакаціла электронная вэрсыя якраз славутай нашай полькі «Янка». Ейны ўласны выбар паводле трэкаў, бяз назваў, быў такі: «Гіты тут, безумоўна, 1, 4, 6, 8, 10. Мо 8 пад пытаньнем, але 1 асабліва вабны».
Каб сёньня я выбіраў падарунак для сваёй дачкі, дык пэўна замест ды-джэйскага праекту «Палаца», прэзэнтаванага раней, выбраў бы ўжо ды-джэй-міксы Сяргея Цімонава, зробленыя ў 2007 годзе паводле аўтэнтычных запісаў 90-х гадоў Вячаслава Калацэя («Ветах») і Тацьцяны Пладуновай («Верас»). Папросту таму, што папулярная музыка патрабуе сталай актуалізацыі, а Вячаславу Калацэю ўдалося адшукаць якаснага кампаньёна.
Мо крыху нязвыклай можа падацца мастацкая аздоба гэтага занадта сур’ёзнага «жартоўнага праекту», але тут варта яшчэ й задумацца, ці ня досыць нам гуляць гульні па чужых правілах. Слава Калацэй пайшоў іншым шляхам нават у дызайне і… Угледзьцеся ў радасны твар гэтага сучаснага дзіцяці на вокладцы, і вы зразумееце, што дзіцё радуецца таму, што ведае й разумее сваіх продкаў. Па-свойму, па-новаму, але разумее. Дык давайце разам зь ёю слухаць альбом «Vietah in an Acid Childhood» гуртоў «Ветах» & «Верас», каб здолець так радавацца.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

