Ці «Unia» стане «Вуніяй»?

«Unia» – «Долам», Мн., 2008, «БМАgroup».
Гурт «Unia» адзін з наймалодшых на беларускім музычным рынку (утварыўся ўлетку 2006-га), але мае ў актыве прыкметныя творчыя дасягненьні: прэзэнтацыя дэма на радыё «Сталіца», удзел у тэлепраекце «Музычны play-off», у інтэрнэт-плебісцытах ды рок-фэстывалях, сярод якіх найбольш значнымі сталі ў 2007-м прызы прэстыжных фэстаў «БАСовішча» і «Рок-Кола» (на абодвух «Unia» заняла трэцяе месца, а з Полацку прывезла яшчэ й Прыз глядацкіх сымпатыяў). Галоўным пераможцам гурт стаў на сталічным студэнцкім рок-фэсьце «Такія пернікі» ды падпісаў кантракт з лэйблам «БМАgroup» на выпуск першага альбому, які атрымаў назву «Долам» (2008).
Бадай, ужо назва альбома гаворыць пра фальклёрны пачатак творчасьці. Але гурт спавядае ня фольк-мадэрн «Палаца» і нават не аванґард-мэтал «Znich», а нешта сярэдняе. Рок-мэйнстрым. Тут застаецца месца й здароваму сэнсу, і пяшчотнай мэлёдыі.
У згадках біяґрафіі мы абыйшлі факт, што «Unia» перажыла й неаднаразовыя зьмены складу, але найбольш раскручаны рэліз («Хлопец пашаньку пахае»), зь якім яны ў сакавіку 2008-га ўпершыню выйшлі ў масавы тыраж на складанцы «НезалежныЯ», захаваў прэстыжны для кожнага навічка факт супрацоўніцтва з мэтрам нацыянальнага фольк-мадэрну Алегам Хаменкам («Палац»).
Ёсць і свае вакалісты – Саша Шайко, Дар’я Трубіна, Мікіта Шаламіцкі. А яшчэ ў складзе «Unia» – ґітарыст Васіль Ярмоленка, дудар і флейтыст Алег Грынько, акардэаніст Сяржук Бурдзееў, басіст Павал Палонскі ды бубнар Павал Мамонаў.
За два гады пошукаў яны адкрылі свой новы гук, якога ня знойдзеш у музыцы сусьветных куміраў, а для нашага рынку, пасьля ўсялякай дэнс-архаікі наўзор ансамбляў «Сьвята», «Неруш», «Радавод», наватарскі саўнд «Unia» адкрыў нямала заманлівых прывабаў. Праўда, адназначных ацэнак чакаць не даводзіцца. Калі масьціты журналіст Анатоль Мяльґуй пісаў у ґазэце «Новы час» пра зерне таленту («Хоць запісы гурта "Unia" яшчэ ня ў стане перадаць той фантастычны ажыятаж, які пануе на канцэртах каманды, але ў аранжыроўках адчуваецца вялікі патэнцыял музыкаў, якія спалучаюць рытмы hardcore з мэлёдыкай фальклёру, плюс – гук беларускай дуды Алега Грынько з заяўкай на ўдзел у будучых "Дударскіх фэстах"…»), дык шматлікія інтэрнэт-ананімы жуюць і такія сэнтэнцыі пра гурт «Unia»:
«Тут мы маем "старыя песьні ў новым абліччы". Так часта бывае, асабліва ў нас гэта чамусьці любяць: бярэш прыгожую фолькавую песьню, накладаеш цяжкую мэталічную ґітару й дзявочыя галасы. Навошта – незразумела. Дзяўчынкі сьпяваюць прыгожа, нешта кшталту RnB, што спачатку радуе, але неяк бяз душы, манатонна, зь мінімумам неабходных інтанацыяў. Гучыць усё цалкам няблага, але навошта гэта ўсё? Слухаць нецікава. нічога новага, ніякіх рэвалюцый. Маўляў, "а давайце ў народную песьню зафурычым трохі фузу"…»
Аднак, шматлікія фэстывальныя прызы й месцы ў гіт-парадах каму заўгодна адкажуць на пытаньне: а навошта і каму гэта ўсё трэба?
Праўда, ня буду цьвердзіць пра бездакорнасць творчых вынікаў тут. Адну з найпрыгажэйшых пярлінаў беларускага фальклёру «Вяне рута» ім і сапраўды ўдалося забіць бяздушным хлапечым вакалам. Але песьням «Свахначка», «Каля кузьні», «Ульяна», «Пад арэшанькай» яны падарылі новае жыцьцё. Іначай загучала нават знакамітая ў палацаўскай вэрсыі песьня «На турэцкіх палях», якую артысты дзіўна сумясьцілі з фолькавым эвэрґрынам «Долам». А з трэка «Пад арэшанькай», нягледзячы на цяжкі саўнд гурта, магчыма, у будучыні атрымаецца клясыка нашага поп-фольку.
Акурат такі вобраз стварылі першыя экспэрымэнты «Unia», якія дэманстравалі жартоўны варыянт фольк-мэталу. А характэрным прыкладам гэтага напрамку стала песьня «Кучарочкі», пазначаная ня проста прыгожымі галасамі, але й віртуозным лінґвістычным практыкаваньнем, якое нават не перадаць на слых у цытатах. Яшчэ ў вэрсыях традыцыяналістаў фольк-сцэны яна хадзіла раней у грубых эратычных перасьмешках кшталту «Сідр-выдр, чудр-мудр». «Unia» прапануе выразна нежартоўны экспэрымэнт вакальных віртуозаў.
Верх экспэрымэнтатарства: бонус-трэк. Ім стаў модны dj-mix адной з мэтал-песень гурта «Unia» – «Крынічанька». Яго зрабіў гурт «Кемлівае сонца», дадаўшы ў ґітарны драйв порцыю электроннага холаду.
Каб чытачы не папракалі мяне ў суцэльных дыфірамбах гэтай рэцэнзыі, мушу зьвярнуць увагу й на прыкрую традыцыю беларускай выдавецкай школы – татальную непісьменнасць. Як і ў выпадку з гуртом «Зьмяя», зноў мушу гаварыць пра эпоху ґеніяльных дылетантаў, у якую нам выпала жыць. Вось і «Unia» ня толькі нарабіла памылак у традыцыйнай школьнай наркамаўцы, расказваючы пра нейкі «первы тур гіт-параду», пра «раставанне» замест разьвітаньня і г.д., але і ў лятынцы накуралесіла, жадаючы завабіць у спонсары сайт «http://www.lacinka.org». Ня здолеўшы спыніцца паміж польскай, чэскай і анґельскай лятынкай, яны паставілі ў непаразуменьне перш за ўсё беларусаў: «Крыніханька», «Кал’ыа кузні», «Уль’ыана»… Сучасныя беларускія выдаўцы ня меншыя за музыкаў фантазёры, бо не парупіліся выправіць памылкі. Да чаго мы дойдзем, калі не пачнуць адчыняцца беларускія школы ў гарадох Беларусі?
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

