Слухай сваё!

Калядныя зоркі з намі

Каляды, бадай, самае ўлюбёнае сьвята для ўсіх людзей зямлі. Калі нехта можа не заўважыць, напрыклад, Дзень Радыё ці нават чыйсьці дзень нараджэньня, дык забыць пра Каляды проста немагчыма: людзі зьбіраюцца разам, танчаць, гуляюць у калядныя гульні, сьпяваюць (ці проста слухаюць) калядныя песьні.

Беларусам на Каляды пашанцавала нават двойчы, бо наша поліканфэсыйнасць прывяла да таго, што сьвята Божага нараджэньня сьвяткуецца і паводле старога календара, і паводле новага. І вось 7 студзеня менскі Палац Вэтэранаў запрашае на неверагодны акустычны калядны канцэрт, які да ўсяго іншага будзе й прэзэнтацыяй унікальнага фанаґрафічнага выданьня – CD Данчык «Калядныя песьні». Унікальнага таму, што раней (гадоў 15 таму) выходзілі толькі касэты з такой праґрамай, а цяпер сучасныя тэхналёґіі дазволілі падрыхтаваць адпаведны часу прадукт, які зьмясьціў ня толькі два дзясяткі песенных шэдэўраў, але й жывыя відэазапісы знакамітага сьпевака, якога называюць «Залаты беларускі голас з Амэрыкі».

Як вядома, у беларускай традыцыі сымболем гэтага сьвята стала Калядная Зорка (пра яе й многія песьні). Дык вось і на канцэрце гэтым зьбяруцца сапраўдныя зоркі беларускай поп- і рок-музыкі, бардаўскай песьні (Тацяна Беланогая, Зьміцер Бартосік, Андрэй Плясанаў, Андрэй Хадановіч, Эдуард Акулін, Аляксей Галіч), каб ушанаваць песьняй Калядную Зорку.

Калі ў двух словах пра артыстаў, дык пераможцу шэрагу эўрапейскіх фэстываляў акустычнай рок-музыкі Таню Беланогую беларусы ведаюць найперш па альбомах «Дзьвюхкроп’е» і «Ніткі», якія займалі месцы ў гіт-парадах, траплялі на тэлевізію. Бартосік і Хадановіч прывабліваюць найбольш аматараў сьцёбных песенных фэльетонаў, у той час як Плясанаў (а ў яго 6 альбомаў) заслужана атрымаў у прэсе тытул «лепшага пасьля Мулявіна рок-мэлядыста Беларусі».

Некалькі альбомаў выдаў і тонкі лірык, кароль бардаўскага жанру й паэзіі Э.Акулін, а вось унікальнаму таленту Аляксея Галіча удалося пакуль прабіць толькі папулярныя складанкі сярэднявечнай музыкі кшталту «Леґенды Вялікага Княства», «Medieval», хоць дыяпазон ягонага вакальнага таленту заслугоўвае паўнафарматных аўтарскіх альбомаў.

У фае канцэртовае залі можна будзе таксама паглядзець поўную дыскаґрафію ўсіх гэтых артыстаў, а нешта й набыць на памяць аб цудоўным сьвяце. А ўсім дзеткам арґанізатары абяцаюць падарункі ад Сьвятога Мікалая, заўсёднага патрона Калядаў!

Канцэрт адбудзецца, нагадваем, 7 студзеня ў менскім Палацы культуры вэтэранаў (вул. Я.Купалы, 21) у 19.00. Даведкі па тэл. 649 08 88.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА.